ШУМАВА́Я ТЭМПЕРАТУ́РА,
мера спектральнай шчыльнасці магутнасці эл.-магн. выпрамянення крыніц шумаў. Уводзіцца па аналогіі з раўнаважным выпрамяненнем (цеплавым шумам) узгодненага рэзістара, спектральная шчыльнасць магутнасці якога вызначаецца формулай Найквіста: S = kT, дзе k — пастаянная Больцмана, T — абс. т-ра рэзістара. Ш.т. рэальных аб’ектаў вызначаецца звычайна ў параўнанні з эталоннымі шумавымі генератарамі. Паняццем Ш.т. карыстаюцца ў радыётэхніцы для ацэнкі шумавых уласцівасцей электравакуумных і паўправадніковых прылад, у радыёастраноміі для апісання крыніц касм. радыёвыпрамянення і інш.
т. 17, с. 485
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)